ФРА́НКФУРЦКІ МІР 1871,

мірны дагавор паміж Францыяй і Германіяй, які завяршыў франка-прускую вайну 1870—71. Падпісаны 10.5.1871 у г. Франкфурт-на-Майне. Вызначыў новую мяжу паміж дзвюма краінамі. Паводле Ф.м. Германія анексіравала правінцыі Эльзас і паўн.-ўсх. ч. Латарынгіі з крэпасцю Мец. Францыя абавязвалася ў 3-гадовы тэрмін выплаціць 5 млрд. франкаў кантрыбуцыі, а таксама ўтрымліваць герм. акупац. войскі, якія заставаліся на тэр. Францыі да поўнай выплаты кантрыбуцыі. Ф.м. аслабіў Францыю і спрыяў хуткаму развіццю і ўмацаванню Герм. імперыі, паглыбіў герм.-франц. супярэчнасці, якія з’явіліся адной з прычын развязвання 1-й сусв. вайны. Умовы Ф.м. скасаваны Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)